Гісторыя, традыцыі, дасягненні

Мінулае і дзень сёняшні Грэскай сярэдняй школы

   

 

      http://youtu.be/OOAoCAIQ8b0

     Грэск школаю славіцца… Такі загаловак меў артыкул, змешчаны ў “Настаўніцкай газеце” каля 10 гадоў таму назад. І сапраўды так. Школа з’яўляецца вясковым цэнтрам адукацыі і выхавання, ідэалагічнай і асветніцкай работы, культуры і спорту.

     Вёска Грэск ( зараз гэта аграгарадок) Слуцкага раёна  належыць да ліку старэйшых населеных пунктаў Міншчыны. Знойдзеныя ў аколіцах каменныя прылады працы, што дарэчы захоўваюцца ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі, сведчаць аб тым, што тут яшчэ ў глыбокай старажытнасці жылі нашы продкі. Першы ўспамін пра Грэск у пісьмовых крыніцах адносіцца да 1480 года. Калісьці ён уваходзіў у склад уладанняў каралевы Боны Сфорцы, у розныя часы гаспадарылі тут Алелькавічы і Радзівілы. Багатую даўніну мае Грэск.

     1863 год з’яўляецца адным з самых вызначальных у гісторыі нашай вескі. Як сведчыць архіўная даведка, у гэтым годзе ў мястэчку Грэск Слуцкага ўезда адкрыта народнае вучылішча. Народнае вучылішча размяшчалася ў грамадскім доме, на ўтрыманне вучылішча было адпушчана 175 рублёў з дзяржаўнай казны і 111 рублёў ад мясцовых жыхароў.  З архіўнай даведкі вядома, што ў Грэскім народным вучылішчы навучалася 52 чалавекі (з іх адна дзяўчынка), настаўніцай працавала Усціна Іванаўна Мінкевіч, якая скончыла Мінскае вучылішча дзявіц духоўнага звання, законанастаўнікам праваслаўнага веравызнання быў свяшчэннік мясцовай царквы Васіль Паўлавіч Біруковіч. У розныя гады ў народным вучылішчы навучалася ад 50 да 80 вучняў. Неахвотна аддавалі сяляне сваіх дзяцей на вучобу, не ўсе мелі магчымасць аплаціць навучанне. У школьным музеі захоўваюцца ўспаміны жыхара Грэска К.Я.Лосіка, які наведваў вучылішча ў 1904-1906 гадах: “Вучылі нас на рускай мове, галоўным прадметам быў закон божы. Даволі строга правяраліся веды па старому і новаму запавету, па правілах богаслужэння. Па арыфметыцы і граматыцы нашы веды настаўнік амаль і не правяраў”. Большасць вучняў займалася ў народным вучылішчы не чатыры гады, не поўны курс, а адзін-два гады і пакідалі вучобу.

     Пасля рэвалюцыі 1917 года Грэскае народнае вучылішча пераарганізавана ў пачатковую школу. І толькі ў 1928 годзе ў Грэску была адкрыта сямігодка. У школьным будынку – тры класныя пакоі, настаўніцкая і кватэра дырэктара А.Я.Бабарэкі. Для працы ў сямігодцы былі накіраваны два настаўнікі з вышэйшай адукацыяй: настаўнік фізікі і матэматыкі П.М.Шарэйка і настаўніца хіміі і біялогіі М.У.Цураўцова. Астатнія вучэбныя прадметы выкладалі настаўнікі пачатковых класаў А.І.Сасноўскі, І.І.Анікоўскі, беларускую мову і літаратуру выкладаў дырэктар. Іменна з 1928 года ў Грэскай школе пачалі вучні звяртацца да настаўнікаў не “дзядзька Алесь” ці “цётка Гуравец”, а так, як і сёння,напрыклад, Адам Якаўлевіч.

      З восені 1934 года Грэская школа стала сярэдняй. Дырэктарам у той час быў А.Г.Варабей. У школе працавала каля 15 настаўнікаў, фізічную культуру выкладаў К.К.Герман, які пасля стаў доктарам гістарычных навук, прафесарам БДУ. У 1937 годзе быў пабудаваны цыгляны будынак школы, у якім былі чатыры тыпавыя класныя пакоі, настаўніцкая і кабінет дырэктара. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны школа зрабіла 5 выпускаў 10-ых класаў. Большасць настаўнікаў-мужчын былі мабілізаваны ў войска. І.І.Пузевіч, дырэктар школы з 1939 года, у час вайны быў начальнікам асобага аддзела партызанскай брыгады №222 імя Суворава, загінуў у сакавіку 1944 года.

      У гады Вялікай Айчыннай вайны у Грэску размяшчаўся варожы гарнізон. Жорстка распраўляліся фашысты з тымі, хто аказваў ім супраціўленне, хто дапамагаў партызанам. Навечна ў гісторыю народнай барацьбы ўвайшло Грэскае падполле, кіраваў якім урач Юрый Войчык. У лінені 1944 года наша вёска была вызвалена ад нямецка–фашысцкіх акупантаў, а 1 верасня 1944 года Грэская сярэдняя школа аднавіла сваю работу. Фашыстамі былі спалены і разбураны ўсе грамадскія будынкі (у тым ліку і школа), уцалеў толькі будынак бальніцы. У адным крыле бальніцы і размясцілася школа. Класы-палаты былі невялічкія, заняткі даводзілася праводзіць у тры змены. Складанай была праца настаўнікаў і вучоба школьнікаў: адзін-два падручнікі на клас, амаль поўная адсутнасць сшыткаў, настаўнікаў не хапала, нагрузка была каля 40 тыднёвых гадзін, вучняў-пераросткаў (утрымкі ваеннага ліхалецця) даводзілася вучыць па “ўшчыльненай” праграме. У 1945 годе стан з падручнікамі крыху палепшыўся – іх даслалі з Масквы. Было цяжка, але школа жыла. З 1944 па 1946 год дырэктарам быў радыст партызанскага атрада “26-годдзе кастрычніка” І.К.Ёрш. У 1945 годзе ў школу прыбыў настаўнік матэматыкі, былы партызан-падрыўнік, Ф.В.Баравік, які пасля стаў прафесарам, рэктарам педінстытута. Сярод настаўнікаў Грэскай школы было нямала франтавікоў, партызан. У музеі школы захоўваюцца ўспаміны настаўнікаў-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны аб тых суровых і гераічных днях: П.Т.Бранаўца, В.І.Цішкевіча, У.Я.Пляшко, В.М.Сталярчука, І.А.Сыцько, М.А.Сілковіч, Р.А.Давідоўскага, С.А.Няхаенкі.

       У 1946 годзе дырэктарам школы быў прызначаны настаўнік гісторыі І.Я.Пляшко, які шмат зрабіў для аднаўлення школы і стварэння яе матэрыяльнай базы. Быў адбудаваны цагляны будынак школы, адкрыты прышкольны інтэрнат для вучняў з аддаленых вёсак, у 1953 годзе спосабам народнай будоўлі быў пабудаваны дом, дзе маглі займацца тры класы і размяшчалася школьная бібліятэка, у 1957 годзе пасля расфарміравання Грэскага раёна школе перадалі будынкі былога суда і райваенкамата. Аднак месца было недастаткова, таму што класы былі вялікія – па 30-40 вучняў. У 1967 годзе была зроблена прыбудова да асноўнага цаглянага будынка школы: чатыры класныя пакоі і спартыўная зала. Такім чынам, наша школа размяшчалася ў 5 будынках.

     У 1979 годзе быў пабудаваны тыпавы двухпавярховы будынак школы на 624 вучнёўскія месцы.Шматлікія кабінеты былі абсталяваны ў адпаведнасці з тагачаснымі патрабаваннямі. З 1962 па 1984 год установу адукацыі ўзначальвалі таленавітыя педагогі і кіраўнікі: Р.А.Давідоўскі, І.І.Герасімовіч, У.М.Бусел, А.Д.Ісакоў, В.М.Сталярчук. З 1984 па 2016 год школай кіравала Л.І.Ланюк, прыроджаны лідэр, адказны і мудры чалавек. Са жніўня 2016 года дырэктарам прызначана Н.М.Арціховіч.

    Усё самае новае, лепшае, што ўводзілася ў школьную адукацыю заўсёды знаходзіла сваё плённае ўвасабленне ў практыцы работы Грэскай сярэдняй школы. Многа гадоў пры школе паспяхова працаваў вучэбна-вытворчы камбінат, у пачатку 90-ых гадоў – падлеткавы клуб, дзе вучні займаліся гурткавой работай. Паспяхова апрабіраваліся новыя методыкі і прымяняліся педагагічныя тэхналогіі ў канцы 90-ых - пачатку 2000-ых гадоў (“Крок за крокам”, сістэма Зайцава, методыкі выкладання матэматыкі Ходавай і Герасімава). Асобнай старонкай у гісторыю Грэскай сярэдняй школы ўвайшла дзейнасць ліцэйскіх класаў, прафілізацыя якіх вызначалася патрэбамі Слуцкага раёна ў спецыялістах: у 1991 годзе быў адкрыты педагагічны клас, у 2001 годзе – аграрна-ветэрынарны клас, у 2002 годзе – медыка-біялагічны клас; кіраўніцтва школы заключыла дагавары з Беларускім дзяржаўным педагагічным ўніверсітэтам імя Максіма Танка, Віцебскай дзяржаўнай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны, Беларускім дзяржаўным медыцынскім ўніверсітэтам. За гады існавання ліцэйскія класы скончыла 458 чалавек, з іх у ВНУ паступілі 356 чалавек (288 чалавек – у ВНУ адпаведнага профілю). І сёння школа не губляе стасункаў з названымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Для пашырэння ведаў зараз школа прапануе вучням факультатыўныя заняткі прыродазнаўчага, фізіка-матэматычнага, філалагічнага, гуманітарнага накірункаў. 78% вучняў наведваю прадметныя факультатыўныя заняткі. Традыцыйна каля 50-60% выпускнікоў школы прадаўжаюць навучанне ў медыцынскіх, педагагічных, сілавых, тэхнічных ВНУ нашай краіны, гэты навучальны год не стаў выключэннем. З 2015/2016 навучальнага года ў школе пачалі дзейнічаць профільныя класы педагагічнай накіраванасці. Здзяйсняецца інавацыйная дзейнасць па ўкараненні мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Школа мае статус Школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластэра бесперапыннай педагагічнай адукацыі (з 2017 года). 

      Грэская школа па праву ганарыцца выпускнікамі, якія шыраць аўтарытэт і вядомасць навучальнай установы ў нашай краіне і блізкім замежжы: мастак У.І.Вітко, народная артыстка Рэспублікі Беларусь В.М.Клебановіч, заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь Г.І.Лабковіч, пісьменнік М.І.Клебановіч, паэтэса Г.І.Міклашэвіч, генералы У.І.Лосік, І.І.Лапец, адмірал М.І.Скрыган і многія іншыя. З 1949 па 2013 гады 415 выпускнікоў школы былі ўзнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі за выдатныя поспехі ў вучобе. Шматлікія выпускнікі працуюць на Случчыне, плённай працай праслаўляюць родную зямлю. Сярод іх дырэктар Слуцкага лясгаса А.Г.Жылко, начальнік будаўнічага ўпраўлення (БУ-55) В.С.Нямковіч, працаўнікі  філіяла ПСГ “Грэск” ААТ Слуцкі мясакамбінат: намеснік дырэктара А.М.Міхневіч, галоўны аграном А.А.Зяневіч, трактарыст А.А.Маскалевіч. “Чалавекам года Міншчыны 2011” прызнаны мастак, выпускнік школы А.В.Салтавец.

     Сёння ў ДУА “Грэская сярэдняя школа” навучаецца 181 вучань з Грэска і навакольных населеных пунктаў. Арганізаваны падвоз вучняў школьным аўтобусам, прышкольны інтэрнат па-ранейшаму дзейнічае, там пражываюць вучні з іншых населеных пунктаў раёна, якія выказалі жаданне вучыцца ў нашай школе. Заняткі праводзяцца ў адну змену, другая палова дня запоўнена факультатывамі, заняткамі ў гуртках і спартыўных секцыях. Запатрабаванымі з’яўляюцца факультатыўныя заняткі па матэматыцы, фізіцы, беларускай мове, хіміі, англійскай мове, інфарматыцы. Творчыя здольнасці дзеці развіваюцца праз заняткі ў аб'яднаннях па інтарэсах: “Сааўтары прыроды”, “Чароўны квілінг”, “Слуцкі сувенір”, “Эстрадная песня”, “Мяккая цацка” і іншsz. Заслугоўвае ўвагі дзейнасць школьнага гісторыка-краязнаўчага музея і ўдзельнікаў аб'яднання па інтарэсах "Музейная справа". Навучэнцы школы з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі прадметных алімпіяд, інтэрнэт-алімпіяд, дыстанцыйных аліміяд, інтэлектуальных і творчых конкурсаў, конкурсаў даследчых работ. 

     Працуе ў школе 30 педагогаў. З іх вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 84 % настаўнікаў. Дзейнічае 4 метадычныя аб’яднанні настаўнікаў-прадметнікаў, метадычнае аб’яднанне класных кіраўнікоў. У калектыве шмат майстроў педагагічнай справы, таленавітых і адданых школе і дзецям людзей:  настаўнік замежнай мовы Н.І.Долбік, настаўнік фізікі Макшыцкая М.М. – удзельнікі абласнога этапу конкурса “Настаўнік года”. 19 настаўнікаў — выпускнікі Грэскай школы розных гадоў, сярод іх варта адзначыць творчую, рэзультатыўную працу настаўнікаў пачатковых класаў А.М.Дробыш, С.У.Лабковіч, М.М.Лабковіч, А.А.Кобель, настаўніка матэматыкі Т.І.Раўтовіч, настаўніка працоўнага навучання М.М.Вітко, настаўніка беларускай мовы і літаратуры І.М.Лабковіч. 

       У школе створаны ўмовы для атрымання вартаснай адукацыі – гэта, па-першае, наяўнасць высокакваліфікаваных педагогаў, па-другое, добрая матэрыяльная база.Гэта - 17 вучэбных кабінетаў, спартыўная зала, актавая зала, сталовая, гісторыка-краязнаўчы музей, бібліятэка (бібліятэчны фонд складае 18685 экзэмпляраў), стадыён, спартыўныя пляцоўкі, 3 кабінеты гурткавой работы, 2 кабінеты інфарматыкі, кабінет інфармацыйных тэхналогій, комплекс для вывучэння сельскагаспадарчых машын, камбініраваная майстэрня, прышкольны ўчастак, вучні маюць магчымасць атрымаць прафесію трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці. У школе адкрыта мастацкая галерэя нашага земляка члена Саюза мастакоў Уладзіміра Вітко. Мастак у дар школе перадаў 80 сваіх работ. Наяўнасць у школе мастацкай галерэі садзейнічае эстэтычнаму выхаванню моладзі, развівае ўменне шанаваць прыгажае. Школьны гісторыка-краязнаўчы музей і мастацкая галерэя адкрыты для шырокага наведвання. У школе ладзяцца сустрэчы з беларускімі паэтамі і пісьменнікамі, нядаўнімі гасцямі вучняў былі Навум Гальпяровіч, Мікалай Шабовіч, Ганна Міклашэвіч, дарэчы, выпускніца нашай школы. 

     Грэская сярэдняя школа займае пачэснае месца сярод устаноў адукацыі Слуцкага раёна. Неаднаразова школа прызнавалася ў раёне лепшай па арганізацыі вучэбнага працэсу сярод устаноў адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці (у 2009, 2013, 2018, 2019 гадах)

     Сваёй дзейнасцю Грэская сярэдняя школа даказвае правільнасць высновы, што для прэстыжу ўстановы адукацыі не важна гарадская яна ці сельская школа, а важна будаваць педагагічную дзейнасць так, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для ўсебаковага развіцця асобы з улікам індывідуальных здольнасцей , схільнасцей і адукацыйных запытаў.

 

 

 

 

 

поделиться в:
Яшчэ ў гэтым раздзеле