1 верасня - ДЗЕНЬ ВЕДАЎ

01.09.2018

    1 верасня - Дзень ведаў. Школьны двор, карыдоры, класы  запоўніліся дзіцячымі галасамі. Пачынаецца новы навучальны год. Прыўзняты настрой, усмешкі, кветкі, хваляванне, банты, строгія касцюмы, рознакаляровыя шары - гэта ўсё атрыбуты першага вераснёскага дня. На ўрачыстай лінейцы галоўнымі былі вучні І класа, кожнаму з іх быў уручаны падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - кніга "Беларусь - наша Радзіма". Першакласнікі атрымалі падарункі ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, ад Грэскай праваслаўнай царквы. Кіраўнік установы адукацыі Арціховіч Н.М. выказала падзяку кіраўніку філіяла ААТ "Слуцкі мясакамбінат" "Падсобная сельская гаспадарка" Сяргею Аляксеевічу Варона і дырэктару ААТ "ПМК-71" Івану Іванавічу Дзічкоўскаму за дапамогу ў рабоце па матэрыяльна-тэхнічным забяспечанні школы. 

     У 2018/2019 навучальным годзе ў нашай школе за парты сядзе 207 вучняў. Сёлета ў І класе - 18 вучняў, у ХІ-ых - 25. Прадоўжана работа профільных класаў педагагічнай накіраванасці на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі: у ХІ "А" класе -16 юнакоў і дзяўчат, у Х "А" класе - 19.  У школе будзе прадоўжана рэалізацыя рэспубліканскага эксперыментальнага праекта "Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі" праз правядзенне спецыяльных факультатываў псіхолага-педагагічнай накіраванасці, работу над міні-праектамі, правядзенне педагагічных проб. Вучні Х "Б" і ХІ "Б" класаў будуць атрымоўваць прафесійнае навучанне па спецыяльнасці "трактарыст-машыніст катэгорыі "А". Вучням пачатковых класаў прапанаваны факультатыўныя заняткі прадметнай і агульнаразвіваючай накіраванасці.  Плануецца арганізацыя работы 10 аб'яднанняў па інтарэсах і 6 спартыўных секцый. Асноўная ўвага будзе нададзена стварэнню бяспечнага адукацыйнага асяроддзя і ўсебаковаму развіццю асобы вучня.

     Спадзяёмся, што новы навучальны год, які пачаўся сёння, будзе пленным, багатым на поспехі, перамогі, падзеі!