Абласны семінар дырэктароў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі

11.10.2018

   11 кастрычніка на базе нашай школы адбыўся семінар-практыкум дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці"Педагагічныя класы: вопыт работы і перспектывы развіцця”.

   Грынь Святлана Мікалаеўна, метадыст метадычнага аддзела па арганізацыі навучання менеджэраў адукацыі і дзяржслужачых МАІРА, у сваім выступленні падкрэсліла, што стварэнне профільных класаў педагагічнай накіраванасці з'яўляецца важным звяном у сістэме бесперапыннай педагагічнага адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь і мэтанакіраваная праца з вучнямі павінна спрыяць прыцягненню да навучання на педагагічных спецыяльнасцях найбольш матываваных выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Святлана Мікалаеўна пазнаёміла прысутных са статыстычнымі дадзенымі па арганізацыі дзейнасці педагагічных класаў у Мінскай вобласці. Удзельнікі семінара абмяркавалі актуальныя пытанні і перспектыўныя накірункі арганізацыі навучання ў профільных педагагічных класах і дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

   У межах семінара прайшла прэзентацыя вопыту педагагічнай прафілізацыі ў Грэскай сярэдняй школе. Дырэктар Арціховіч Наталля Мікалаеўна расказала аб асноўных накірунках дзейнаці, аб дасягненнях ўстановы адукацыі. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вітко Вольга Анатольеўна выступіла з дакладам “Арганізацыйна-метадычныя аспекты дапрофільнай і профільнай педагагічнай падрыхтоўкі вучняў”. Удзельнікі семінара-практыкума наведалі факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”: у 10 педагагічным класе па тэме “Сацыяльная значымасць працы педагога і патрабаванні да педагагічнай прафесіі з боку грамадства. Спектр педагагічных спецыяльнасцей” - настаўнік Макшыцкая Марына Мікалаеўна, у 11 педагагічным класе па тэме “Самапазнанне асобы” – настаўнік Раўтовіч Таццяна Іванаўна. Увазе гасцей было прадстаўлена выступленне школьнай агітбрыгады “Шкаляры” і экскурсія ў школьны музей.